вторник, 30 октября 2018 г.

Урок 12. Я і мае сябры. Гуляем разам

Дзе жыве рэха?
      Узяліся дзеці за рукі і пайшлі ў  лес. Ідуць — песенькі спяваюць, а як дайшлі, захацелі ў хованкі пагуляць.
     Завязалі Аліку вочы хусцінкай і чакаюць стаяць, пакуль усе не схаваюцца. Дзеці кінуліся ўрассыпную па лесе.
      Міколка так пабег, толькі дрэвы ды кусты замільгалі. Раптам спа- тыкнууся аб корань дрэва і ўпаў. Падняўся, хоп за лоб, а на ім — гузак. Баліць! Хацеў Міколка заплакаць, аж глядзіць: сядзіць побач з коранем дрэва вялікі прыгожы грыб. Нечакана грыб расплюшчыў вочкі і падміргнуў Міколку:
— Баліць?
— Ага, — азваўся Міколка і  забыўся, што хацеў заплакаць.
— Давай знаёміцца, — прапанаваў грыб. — Мяне Баравіком завуць.
— А я — Міколка.
— Ты што ўмееш рабіць? — спытаў Баравік.
— Гуляць з цацкамі. Тэлевізар глядзець. Бегаць...
— Бегаць, бачу, умееш. Ледзь мне капялюш не знёс. Хочаш, навучу на дудачцы іграць?
- Хачу.
— Ну дык глядзі ды слухай.
     Баравік выняў з-пад капелюша тоўсценькую трубачку з бліскучымі гузікамі. Пакруціў яе ў руках, пагладзіў, а потым прыклаў вузенькім канцом да рота. Дудачка заспявала. Пад музыку прыскакалі конікі, прыляцелі божыя кароукі, матылькі, прыпаўзлі мурашы. Яны пачалі падпяваць. А як зайграў Баравік весялейшую музыку, лясныя жыхары ў скокі пусціліся. Міколка зусім забыўся пра свой гузак і ледзь сам не пачаў танца- ваць. Але тут Баравік перастаў іграць і спытаў:
— Падабаецца мая музыка?
— Вельмі!
— Дык бяры дудачку ды іграй.
     Узяў Міколка цудоўную дудачку, усё-усё зрабіў, як Баравік: пакруціў у руках, пагладзіў, прыклаў вузенькім канцом да вуснаў, надзьмуўся. Але дудачка маўчала. Міколка разгубіўся. Пачаў дзьмуць мацней. Твар зрабіўся чырвоны, вочы — вялікія, а музыкі— зноў не чуваць.
— Нічога, Міколка, не бядуй, — сказаў Баравік. — Калі хочаш што- небудзь зрабіць, трэба вельмі-вельмі таго захацець.
— Я вельмі-вельмі хачу навучыцца прыгожа дудзець!
— Дык няхай мая дудачка будзе табе падарункам, — сказау Баравік. — А яшчэ даю табе нашу лясную кніжку-маляванку.
— А што ў ёй?
— О! Яна раскажа пра кожнае лясное дрэва, пра кожную травінку і ягадку. Ведае усё пра нашу грыбную сям'ю. Пра птушак, звяроў, якія жывуць у лесе.
— Хачу паслухаць гэтую кніжку, — пачаў прасіць Міколка.
— Яна ж не радыё, якое ўключыў і слухай, — таямніча адказаў Баравічок. — Для таго каб гэтая кніжка загаварыла, трэба ўмецт назіраць, умець слухаць лясныя гукі.
     Грыб склаў рукі лодачкай, паднёс іх да рота і крыкнуў: «Э-ге-гей! Нехта за дрэвамі адгукнуўся.
— Вой, хто там? — здзівіўся Міколка.
— Лясное рэха.
— А якое яно? Дзе жыве?
— I пра тэта раскажа табе кніжка-маляванка, калі навучышся яе разгадваць.
     Баравік прайшоўся пад яліну, разгроб шыгалле.
— Бачыш, хто тут жыве?
— Бачу, але не ведаю, як назваць.
— Тэта лісічкі — мае сястрычкі.
     Нагнуўся Міколка, пагладзіў жоўтыя брылькі. Пайшлі далей. Баравік расказваў пра свае загадкавае лясное царства. А Міколка нёс яго падарункі — дудачку і кніжку-маляванку — і вельмі радаваўся, што спаткаўся ў лесе з Баравіком.
     Яму ужо не хацелася хавацца ад дзяцей. Не мог дачакацца той хвіліны, калі сустрэнецца з імі і  раскажа пра свае лясныя адкрыцці.
(У.Ліпскі).

Комментариев нет:

Отправить комментарий