Урок 1. Наша мова
Як Мікітка… сукенку з’еў
Прыехаў Мікітка да бабулі Алены ў госці. Пачаставаліся, тады бабуля і пытае:— А ты, Мікітка, не забыў беларускія словы, добра ведаеш іх?— Не, не забыў, — упэўнена адказаў унук, запіхваючы ў рот цукерку. — Можаш праверыць, як я гавару.— Тады так зробім, — ажывілася бабуля Алена, — я спачатку буду вымаўляць словы па-руску, а ты — пераказваць іх за мною па-беларуску. Перакладчыкам будзеш. Дамовіліся?— Дамовіліся, — згадзіўся ўнук і заадно пацікавіўся:— А што робіць перакладчык?— Зараз пабачыш сам, — яшчэ болей ажывілася бабуля і пачала падшукваць у памяці словы, якія можна было б задаць унуку. А Мікітка пасур’ёзнеў, нават цукерку за шчакою прытрымаў. Бабуля ж пачала:— Клюква.— Журавіны.— Лук.— Цыбуля.— Картошка.— Бульба.— Носки.— Шкарпэткі.— Сахар.— Цукар.— Бумага.— Папера.— Аист.— Бусел… Гэтак перабралі дзесяткі з два слоў. Убачыўшы, штоўнуку ўсё даецца лёгка, бабуля Алена прапанавала:— А цяпер давай наадварот зробім. Будзем словы пе-раказваць з беларускай мовы на рускую. I ўжо на першым слове нечакана спатыкнуліся.— Сукенка, — вымавіла бабуля Алена, з усмешкай зірнуўшы ў вочы ўнуку.— Конфета, — хуценька пераклаў Мікітка і языком перакінуў «конфету», як ён па-свойму вымаўляў, за другую шчаку.— Авой! — прытворна здзівілася бабуля Алена. — Няўжо ты можаш з’есці… платье? Сукенка — па-руску «платье»!— Не, бабуля, ты жартуеш, — пакрыўдзіўся Мікітка. —Я добра ведаю, што цукерка — гэта конфета.— Дык я ж пра сукенку гаварыла, — аж крышку разгубілася бабуля Алена.— А я пра цукерку, — соладка прыцмокнуў Мікітка. Абодва задаволена рассмяяліся. Асабліва радаваўся Мікітка: пабыў жа перакладчыкам. А што недачуў трошкі — з кім такога не бывае?
Комментариев нет:
Отправить комментарий