Урок 2. Я і мая школа. Настаўніца і вучні
Аднойчы на дачы Маша і дзед
пачалі гуляць у школу. Маша – вучаніца. Дзед – настаўнік. Маша ўзяла сшытак,
ручку, села за столік, які стаяў на вуліцы пад адкрытым небам, і тут да яе
падышоў настаўнік:
- Напішы,
Маша, літару А.
Маша хуценька намалявала зверху ўніз дзве ножкі,
перакрэсліла іх рыскай, атрымалася А. Думала, ёй ужо за гэта будзе пастаўлена
адзнака. Але настаўнік даў новае заданне:
- Цяпер,
Маша, пахадзі па агародзе і адшукай, што там расце на літару А.
Маша ахвотна пабегла шукаць патрэбную літару. А
дарослыя – бабуля, мама, тата, брат Антон – цярпліва чакалі: з чым вернецца
Маша?
Праз некалькі хвілін яна, радасная і вясёлая,
ускочыла ў дворык, пачала выгукваць:
- Агрэст…Агуркі…Ажына…Алыча…Абляпіха…Астры…
Дзед-настаўнік пахваліў вучаніцу і аб’явіў:
- Маша,
стаўлю табе дзесятку! Вучаніца ўсміхнулася і тут жа прапанавала:
- Давайце,
настаўнік, напішам цяпер літару Б.
- Я
згодзен. Пішы.
Маша лёгка справілася і з гэтым заданнем. А як
толькі напісала літару, паднялася з табурэціка і зноў знікла за жоўта-зялёным
домікам. На гэты раз яна прынесла новыя адкрыцці. Аказваецца, на бабуліным
агародзе растуць на літару Б – бульба, буракі, бручка, боб…
Настаўнік узнагародзіў сваю кемлівую вучаніцу
падарункам:
- За
літару Б, Маша, атрымлівай банан, булку…
Гульня вельмі спадабалася Машы. Яна адшукала ў
агародзе на літару В – вішню і васілёк, на літару Г – гарбуз, гарох і грушу, на
літару Д – дыню дрэва-дзічку…
На гэтым школьны ўрок і закончыўся. Маша стамілася.
Не так проста вывучаць азбуку агарода. Яшчэ складаней яе вырошчваць.
Комментариев нет:
Отправить комментарий