воскресенье, 17 февраля 2019 г.

Урок 16. Я і мае справы. У краме.

Мышка Пік-Пік займаецца бізнесам
Любіла мышка Пік-Пік пачытаць перад сном газеты. Апошнім ча­сам цікавілі яе рэкламныя аб’явы. Цудоўны тавар куплялі, прадавалі, абменьвалі...
I мышка вырашыла заняцца бізнесам. Галоўнай мэтай мышынага прадпрымальніцтва мусіла быць як мага большая колькасць шакаладак. Але як яе дасягнуць? Грошай у Пік-ІІік не было. Заставалася адно — абмен! Але што магла Пік-Пік прапанаваць у абмен?
Мышка абабегла кватэру, але ўсе рэчы былі вельмі патрэбныя сям’і. Перачытала мышка ўважліва ўсе рэкламныя аб’явы і заўважыла, што побач з тэлевізарамі, дыванамі і парфумай у абменных аб’явах сустракаюцца пародзістыя шчанюкі і кацяняты. «А ў нас ёсць дарослая пародзістая кошка! — узрадавалася Пік-Пік. — Пепіта, напэўна, каштуе не менш, чым скрыня шакаладак!»
I мышка ўзяла алоўкі, аркуш паперы і напісала аб’яву: «Мяняецца вельмі прыгожая і вельмі пародзістая кошка на каробку шакаладак». Унізе Пік-Пік не забылася пазначыць адрас і пачапіла аб’яву ў двары на слупе.
Вечарам у дзверы пазванілі. Мама пайшла адчыняць, і Пепіта з цікавасці рушыла за ёй. На лесвічнай пляцоўцы стаяла тоўстая цётка ў белых штанах і яркай стракатай кашулі. Цётка трымала ў руках невялікую каробку. Пабачыўшы Пепіту, незнаёмка завохкала ад  захаплення:
Ай-яй, якая цудоўная кошка! Вырашана, я яе бяру! Трымайце вашы шакаладкі!
Чаму тэта вы будзеце забіраць нашу кошку? — абурылася Ма­ма. — I не трэба нам ніякіх шакаладак!
Цётка доўга тлумачыла Маме прычыну свайго візіту, нарэшце раззлавалася і пайшла. Але тут жа ў дзверы пазванілі зноў — на тэты раз дзядзька ў цёмных акулярах з каробкай паболей і папрыгажэй. Мама паклікала Тату, і на тэты раз удалося разабрацца, што прычына на­плыву гасцей — аб’ява на слупе.
   Значыць, я тут лішняя?! — са слязьмі прагаварыла Пепіта.
Мама, Тата і Веранічка пачалі запэўніваць Пепіту, што не пісалі тае
аб’явы, і нагаварылі столькі добрых слоў пакрыўджанай кошцы, што яна нарэшце супакоілася.
   Але хто ўсё-ткі зрабіў такую подлую справу?
Усе пераглянуліся між сабою і моўчкі пайшлі да норкі мышкі Пік- Пік.
   Выходзь, мыш! — строга сказаў Тата.
Але з норкі ніхто не паказваўся. Мышка залезла ў Татаву пантофлю, якую выкарыстоўвала ў якасці канапы, і трэслася ад жаху.
Ноччу Пік-Пік пабегла на двор і зняла сваю аб’яву. I яшчэ некалькі дзён не паказвалася нікому на вочы... Яна зразумела, што сяброў ні на што не абменьваюць, што яны і ёсць самая вялікая каштоўнасць.
Паводле Л. Рублеўскай.

Комментариев нет:

Отправить комментарий